How belarusians celebrated weddings from the tsarist era to the stagnation period
(text only in the Belarusian version)
BY
ЯК ГУЛЯЛІ БЕЛАРУСКАЕ ВЯСЕЛЛЕ
АД ЦАРА ДА ЗАСТОЮ
Наш альбом сабраў вясельныя фотаздымкі, зробленыяна тэрыторыі сучаснай Беларусі паміж 1850 і 1985 гадамі, і нядзіўна, што яны надзвычай разнастайныя. На жаль, шмат якія дэталі не ляжаць навідавоку, таму падчас працы над архівам мы звярталіся да гістарычных, этнаграфічных, юрыдычных ды іншых крыніц, каб аднавіць прабелы. Сабраная інфармацыя няпоўная, але і яна дазваляе зірнуць на фатаграфіі з большым разуменнем.
Значная частка вяселляў на нашых фотаздымках(акрамя першых фота 1850–1921 гадоў) гулялася ў большай ці меншай ступені традыцыйна. Традыцыйнае беларускае вяселле – складаная працэдура. Нам, людзям бесчароўнай рацыянальнасці, цяжка ўявіць, як выглядаў свет нашых продкаў. Ён быў населены сіламі, з якімі людзі ўмеюць дамаўляцца: гэта святыя ці іншыя рэлігійныя памочнікі, а таксама паганскія духі дому, лесу, поля. Жыццё і смерць тут залежаць ад асобных дзеянняў, слоў і рытуальных прадметаў. Вясел-
ле было асабліва складаным момантам, калі два чалавекі цалкам мянялі сваю групавую прыналежнасць: жаніх і нявеста пераходзілі з супольнасці незавершаных асобаў у групу дарослых, сямейных. Менавіта таму плачуць нявеста і сяброўкі на дзявочым вечары – абрадавай сустрэчы ў хаце нявесты напярэдадні вяселля. Дзяўчаты рыхтуюць вясельны вянок і кветкі для гасцей, спяваюць песні і... развітваюцца: нявеста больш не зможа браць удзелу ў дзявочых практыках, а незамужнія сяброўкі пакуль не падзяляюць з ёю жаночых. Аднак становішча нявесты яшчэ больш складанае: яна не толькі выходзіць са звыклай сацыяльнай групы, але і пераходзіць у чужы дом. Традыцыйная сям’я
пабудаваная іерархічна. Наверсе – старэйшыя, якія даюць малодшым прытулак, абарону, кіруюць іхнымі жыццямі, адыгрываюць важную ролю ў шлюбным дзеянні – сватаюць, бласлаўляюць, надзяляюць пасагам. У магічным плане старэйшыя дамаўляюцца з навакольнымі сіламі за малодшых. Нявеста ж – адзіная, хто сыходзіць з аднаго дома і прыходзіць у іншы, з адной сямейнай і магічнай іерархіі пераходзіць у іншую. У сярэдзіне гэтага шляху яна набліжаецца да небяспечнага тагасветнага абшару, з чым звязана мноства практык. Нявеста дорыць урадлівасць усёй супольнасці, але можа і нашкодзіць (паводле некаторых звестак, менавіта таму ёй хаваюць твар або прымушаюць апускаць вочы: чалавеку, які не ў час паглядзіць на нявесту, пагражае бяда). Народнае паверʼе асобна кажа пра памёрлых нявест: такія дзяўчаты становяцца русалкамі, не знаходзяць спачыну, бо паміраюць паміж двума светамі. Падчас вяселля клапоцяцца і пра будучых дзяцей: развязваюць вопратку, каб палегчыць будучыя радзіны, рытуальнымі дзеяннямі абіраюць пол будучага дзіцяці.
Цікава, што ў традыцыйным вяселлі ёсць некалькі ключавых момантаў, без якіх шлюб не лічыцца сапраўдным. Немагчыма абысціся без вянчання, бо толькі інстытут царквы легалізуе шлюб. Аднак вяселле азначае зусім не паход у царкву, а ўвесь рытуальны набор дзеянняў на вачах сваякоў, грамады. У прыватнасці, для праваслаўных беларусаў ключавым быў пасад, калі нявесту ўсаджвалі на дзяжу (пасудзіна для заквашвання цеста), накрытую вывернутым кажухом, а брат расплятаў ёй касу пад адмысловую песню. Менавіта гэты момант азначаў выхад нявесты з ейнага дзявочага стану. У паўсядзённай мове ёсць выраз – сесці на дзяжу(або на пасад), гэта значыць выйсці замуж. Пры гэтым на дзяжу, паводле традыцыйнага паверʼя, павінна была сядаць толькі чэсная нявеста. Гэты абрад даваў урадлівасць усёй супольнасці. А калі дзяўчына страціла цноту да вяселля,то лічылася, што яна прынясе неўраджай. Такім чынам сумленнасць дзяўчыны робіцца справай усіх навакольных. У меншай ступені, але былі адпаведныя рытуалы і для хлопцаў. За пасадам была паездка ў царкву, пасля святкавання ў доме нявесты і жаніха госці адводзілі наважэнцаў спаць,
а ў самых традыцыйных формах маглі пацікавіцца вынікам першай ночы. У пазнейшы час дадаўся роспіс у органах ЗАГС. Вось такая шматступенная ды шматузроўневая працэдура і лічылася зладжаным вяселлем, якое стаіць за большасцю фатаграфій з нашай калекцыі. Але цягам XX стагоддзя акалічнасці цырымоніі ды шлюбнага жыцця маглі істотна адрознівацца. Гэтыя асаблівасці і раскрываюцца ў наступных шасці эсэ.
1900—1921
Пераважную большасць прэзентаваных фотаздымкаў гэтага перыяду зрабілі ў прафесійных атэлье. Пра гэта сведчыць і пастаноўка мадэляў, і добрая якасць здымкаў, і спецыяльныя фоны з рамантычнымі краявідамі або прэтэнцыёзнымі інтэр’ерамі. Да 1921 года колькасць аматарскіх фотаапаратаў была невялікая. Да таго ж, шлюб быў дастаткова сурʼёзнаю падставаю наведаць гарадское фотаатэлье і замовіць прафесійны здымак.
Першае фотаатэлье на тэрыторыі сучаснай Беларусі зʼявілася ў 1850 годзе ў Мінску на вуліцы Францішканскай(пазней – Губернатарская, а цяпер – Леніна). Заснавальнік Станіслаў Антон Прушынскі замовіў найноўшую тэхніку для дагератыпаў, а потым перайшоў і на друкаваныя фатаграфіі. Да канца XIX стагоддзя фотаатэлье зʼявіліся ўжо ўва ўсіх буйных і большасці сярэдніх гарадоў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі (6 губерняў, якія ў вялікай ступені раней уваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае, а пазней увайшлі ў сучасную Беларусь). У нашай калекцыі можна знайсці фатаграфіі з Мінска, Бабруйска, Брэста. Іх паходжанне вядомае дзякуючы паспарту – адмысловай кардонцы, на якую прыляпляўся здымак. Паспарту адрозніваліся дызайнам і неслі інфармацыю пра атэлье: адрас, назва, а часам і пералік узнагарод, атрыманых студыяй на выставах, альбо магчымых паслуг.
На жаль, мы не заўсёды ведаем людзей на гэтых фотаздымках. А ведаючы імёны, не ўяўляем сабе іхных рэальных біяграфій. Аднак агульныя практыкі часу дазваляюць выказаць гіпотэзы пра некаторыя абставіны іхнага жыцця. Варта заўважыць, што большасць герояў належаць да верхніх слаёў грамадства. Пра гэта сведчаць, напрыклад, выгляд і манеры. Фотаздымак пераймае традыцыю параднага партрэта, таму не прадугледжвае шырокай усмешкі, як і агулам адкрытай дэманстрацыі эмоцыяў. Ураўнаважанасць, стрыманасць – вось сацыяльная норма эпохі. Важная і пастава, узнятая галава (што часткова дасягаецца высокімі – згодна з модаю – каўнярамі сукенак і кашуль). У асноўным
нявеста на фота трымае жаніха пад руку, прычым пясці размешчаныя так, каб выразна паказаць заручальны пярсцёнак. Мяркую, фатаграфія магла выканаць і функцыю сацыяльнага замацавання шлюбу, паслужыць доказам цырымоніі.
Яшчэ адна падказка пра сацыяльную прыналежнасць наважэнцаў – вопратка: службовая ўніформа і еўрапейскага выгляду адзенне на жаніхах, гарсэты і пальчаткі ў нявест. А нават звыклая нам белая сукенка была адзнакаю высо-
кага статусу: рэдка хто мог сабе дазволіць пашыць сукенку на адзін раз. Белае адзенне, пагатоў з карункамі, патрабуе адмысловага дагляду, часта – працы прачкі і пакаёўкі, таму вясельная сукенка магла быць не белая, яе, крыху пераробленую, часта пакідалі ў якасці святочнай. Нават гісторыя ўзнікнення белай сукенкі нявесты сведчыць пра элітарнасць: лічыцца, што моду задала англійская каралева Вікторыя, беручыся шлюбам у 1840 годзе. Ейная белая сукенка была адлюстраваная на карцінах, а потым растыражаваная праз гравюры ды фотаздымкі з гэтых карцін. Белы вэлюм і галінкі флёрдаранжу для яго аздаблення (невялікія белыя кветкі, што растуць на поўдні, можна імітаваць з воску або белай тканіны) таксама прыйшлі з еўрапейскай вясельнай традыцыі ды ў гэтым перыядзе застаюцца прыкметаю заможнага саслоўя.
Важным інстытутам у жыцці людзей канца XIX – пачатку XX стагоддзя была рэлігія. Беларусь ужо тады была шматканфесійнаю прасторай. Больш за тое, менавіта рэлігійная прыналежнасць магла падмяняць нацыянальную свядо-
масць – як на афіцыйным узроўні, так і ў штодзённасці. Папулярнаю практыкай было лічыць мясцовых каталікоў палякамі, праваслаўных – расійцамі (з падзелам паводле мовы на беларусаў, украінцаў і ўласна расійцаў), юдэяў – габрэямі, а пратэстантаў без разбору называць немцамі. Шлюбы ў Расійскай імперыі былі толькі царкоўныя. Міжканфесійныя шлюбы былі нячастаю зʼявай і падрабязна апісаныя ў «Зборы законаў». Згодна з ім, напрыклад, праваслаўным і рымакаталікам шлюбы з нехрысціянамі (то бок і з юдэямі або мусульманамі) былі наогул забароненыя. Такім чынам, мы можам здагадацца, што жаніхі і нявесты на гэтых здымках, верагодна, былі адной канфесіі, а іхны шлюб заключаны ў царкве, касцёле, сінагозе ці іншай святыні. Здымкі, дзе добра бачны пярсцёнак, з вялікаю доляю верагоднасці даводзяць рэлігійную прыналежнасць сужэнства: на правай руцэ – хутчэй за ўсё, у праваслаўных, на левай – у каталікоў, сярод прававерных габрэяў было заведзена, што мужчыны не носяць пярсцёнка.
Акрамя царквы, уласна заключэнне шлюбу патрабавала пісьмовага дазволу бацькоў наважэнцаў (нават паўналетніх), а калі жаніх быў на дзяржаўнай або вайсковай службе, то і згоды начальства. Маладзёны былі ва ўладзе старэйшых сваякоў і начальнікаў. Гэтая ўлада выяўлялася і ў эканамічным ціску. Уступаючы ў шлюб, кожны рабіў свой матэрыяльны ўнёсак: жонка – пасаг, муж – сваю долю матэрыяльных і фінансавых каштоўнасцяў (юрыдычна маёмасць сужэнцаў
не была агульнаю).
Шлюб супраць волі сямʼі ды начальства быў не толькі незаконным, але і мог прывесці да галечы. Такім чынам, жаніцьба была не асабістаю справай маладзёнаў, а дамоўленасцю паміж імі, іхнымі семʼямі і начальствам ды царквою. Ідэя рамантычнага кахання існавала, але часта шлюб не меў з гэтым нічога супольнага. А разводы ў гэты час практычна не дапускаліся. Героі нашых фотаздымкаў маглі не кахаць адно аднаго, але збольшага былі вымушаныя заставацца разам усё жыццё.
У законах Расійскай імперыі, згодна са «Зборам» 1900 года, былі наступным чынам прапісаныя абавязкі сужэнства ў дачыненні адно да аднаго:
105. Муж абавязаны любіць сваю жонку, як сваё ўласнае цела, жыць з ёй у згодзе, паважаць, абараняць, выбачаць ейныя недахопы і палягчаць ейныя немачы. Ён абавязаны дастаўляць жонцы пражытак і ўтрыманне паводле стану
і магчымасці сваёй.
106. Жонка абавязаная падпарадкоўвацца мужу свайму як галаве сямейства, быць да яго ў любові, павазе і неабмежаваным паслухмянстве, аказваць яму ўсялякае дагаджанне і прыхільнасць як гаспадыня дома.
Калі згадаем, што жанчына ў гэты час не дапускалася да паўнавартаснай адукацыі ды большасці працоўных месцаў, робіцца відавочным: шлюб быў вертыкальнаю структурай, дзе асноўныя рэсурсы належалі мужу, а жонка
аказвалася ў залежным стане.
1900-1917 гг., Брэсцкі р-н, Брэсцкая вобл. Прадаставіў Алег Палішчук.
1921—1939
ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ
Заходняя Беларусь пражыла міжваенны час пры зусім іншых умовах, чым Усходняя. Савецка-польская вайна замацавала мяжу адроджанай Польшчы за 30 кіламетраў ад Мінска. Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы ўключалі ў сябе Брэсцкую і Гомельскую вобласці сучаснай Беларусі, а таксама заходнія раёны Мінскай і Віцебскай ды нават кавалачак Гомельскай абласцей. Аграрны край, аддалены ад Варшавы ды населены шматмоўным і шматканфесійным насельніцтвам, разглядаўся цэнтральнай уладай як адсталы. Для пераадолення адставання зарганізавалі мноства школ, у асноўным польскіх, істотна павялічылі ўплыў Касцёлу, эканоміка стала цалкам капіталістычнаю. Пры гэтым сялянскі лад жыцця збольшага застаўся амаль нязменным, у адрозненне ад жыцця сялян БССР.
У сацыяльнай сферы з’явіліся новаўвядзенні, параўнальныя з савецкімі. Так, польскія феміністкі шмат гадоў змагаліся за свае правы пад лозунгам «Мы хочам цэлае жыццё». Яны дамагліся заканадаўчай роўнасці палоў паводле Канстытуцыі 1921 года. Аднак у паўсядзённым жыцці захавалася шмат рысаў традыцыйнага ўкладу. Напрыклад,старэйшых школ, у якія маглі ісці дзяўчаты пасля сямігодкі,было значна меней за хлапечыя. А ў дарослым жыцці жанчыны не мелі магчымасці ўладкавацца на некаторыя працы, а з некаторых павінны былі звальняцца ў выпадку шлюбу.
Важнаю падзеяй для міжваеннай Польшчы была спроба ўвесці канкардатныя шлюбы праз дамоўленасць паміж Касцёлам і дзяржаваю, што дазволіла б выбіраць шлюб паводле грамадзянскай або рэлігійнай працэдуры. Гэты праект прадугледжваў няпросты і доўгі, але ўсё ж развод. Касцёл рашуча абвясціў такі праект савецкім (страшнае абвінавачанне ў той час) і супрацьстаяў яго ўвядзенню.
Грамадзянскі шлюб і развод зʼявяцца ў Польшчы толькі пасля Другой сусветнай вайны.
Тагачасныя здымкі з нашай калекцыі адрозніваюцца стылем і зместам. Тут ёсць гарадская студыйная фатаграфія з Брэста або Гродна. Яна паказвае урбанізаваную агульнаеўрапейскую культуру, вельмі падобную ў розных краінах –прадукт новага масавага мастацтва і сродкаў інфармацыі. Як апранацца, як стаяць, які выраз твару варта паказаць на фатаграфіі, можна было даведацца з фільмаў і часопісаў. Напрыклад, усмешка на фота, на думку некаторых даследнікаў, замацавалася дзякуючы кіно толькі ў 1930-х. Цяжкі перыяд пасля сусветнага эканамічнага крызісу 1929 года аказаўся часам росквіту самых аптымістычных жанраў: рамантычнай камедыі і мюзіклу. Героі гэтых фільмаў шчаслівыя, таму ўсміхаюцца на афішах. Гэта замацавала ўсмешку як новую норму для фотаздымкаў.
Іншы набор фота ловіць моманты неўрачыстыя. Людзі не пазуюць, яны занятыя сваімі справамі: рыхтуюць вясельны стол, сядзяць на траве да або пасля цырымоніі. Фотаапарат – у руках аматара або фатографа-мастака (напрыклад, Софʼі Хамянтоўскай), таго, хто імкнецца злавіць жывы выразны кадр. Фотаапараты сталі значна больш даступныя, а тэхнічныя навінкі дазвалялі здымаць на адкрытым паветры з нестудыйным святлом.
Зусім іншае жыццё відаць на фотаздымках, дзе ёсць сваты з ручнікамі праз плячо, дзе пасаг (куфры ды падушкі), падобна, пераносяць з хаты нявесты ў жаніхову, дзе маладая стаіць паміж братам і жаніхом, дэманструючы сімвалічны пераход з-пад абароны аднаго пад прытулак другога. Некалькі фатаграфій упершыню прачыняюць нам дзіўны свет традыцыйнага беларускага вяселля. Ёсць тут здымкі, зробленыя вандроўным або мясцовым фатографам, якія імітуюць студыйную фатаграфію. Для гэтага, напрыклад, на сцяну хаты вешаюць дыван, мадэлі выстройваюцца або ўсаджваюцца перад камерай. На іншых мы бачым усіх гасцей вяселля – сваякоў і сяброў, а на адным здымку – нават рамы з сямейнымі фатаграфіямі: гэтак і памерлыя сямейнікі бласлаўляюць шлюб. Між гасцямі варта адзначыць музыкаў з інструментамі, якія часта займаюць першы шэраг. Музыка была надзвычай важнаю часткай традыцыйнага вяселля.
Згадваюць, што ў музыкаў былі асобныя гімны для розных вясельных дзеяў. На адным з фота заўважаем мужчыну з пугаю. Можа, ён зазірнуў на вяселле адразу пасля працы, але больш верагодна, што пугай ён надае ўрадлівасці наважэнцам. Так патрабуе старадаўняя традыцыя.
1920-1939 гг., г. Брэст. Прадаставіў Алег Палішчук.
1921—1939
УСХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ
Найменшая частка нашай калекцыі. Каб здагадацца, чаму так, паглядзіце на першы здымак гэтага перыяду ў альбоме. Нішто ў гэтай пары не выдае наважэнцаў. Няма сукенкі, вэлюму і пярсцёнкаў. Толькі сямейная памяць зафіксавала, што здымак зроблены адразу пасля вяселля.
Фатаграфіі ў калекцыі добра паказваюць, як змянілася жыццё ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі пасля 1921 года. Пасля некалькіх войнаў і рэвалюцый 6 паветаў былой Мінскай губерні ўвайшлі ў БССР, у 1922 годзе быў утвораны СССР, да 1924-га ўсходняя мяжа рэспублікі ўсталявалася на сучаснай лініі.
Савецкая Беларусь жыла цяпер паводле новых законаў. Адны з першых савецкіх дэкрэтаў яшчэ ў 1917 годзе датычылі разводу і грамадзянскага шлюбу. З гэтага часу шлюб касаваўся на жаданне аднаго або абаіх сужэнцаў і выводзіўся з-пад юрысдыкцыі царквы. З’явіліся органы запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) пры гарадскіх управах. Для шлюбу больш не патрабавалася згода старэйшых сваякоў або начальства, толькі жаданне і невялікі ўнёсак. Адначасова вяселле страціла вонкавыя атрыбуты – пярсцёнкі і вэлюм, банкет і “горка!”. Дзесьці сустракаліся і вяселлі паводле старога абраду, але шмат хто адмаўляўся ад іх добраахвотна ці вымушана. Прычыны маглі быць побытавыя: страшная галеча пасля грамадзянскай вайны, перамяшчэнне значных мас людзей, тым больш маладых. Такі пераезд пазбаўляў дапамогі ад сямʼі, але і дазваляў не выконваць сямейных традыцыяў. У ідэалагічным полі на некаторых артэфактах і практыках зʼявілася таўро «мяшчанскі» або «буржуйскі». Апошняе – далёка не бяскрыўднае: чырвоны тэрор толькі што пракаціўся па краіне. Да такіх зʼяў належалі і заручальны пярсцёнак, і белая сукенка. Акрамя асацыяцыі з класам прыгнятальнікаў, вяселле нязменна адсылала да царкоўнай традыцыі. І антырэлігійная прапаганда, распачатая адразу пасля рэвалюцыі 1917 года, выступала ў тым ліку супраць традыцыйнага рытуалу шлюбу і ўсіх яго атрыбутаў. Але цікава, што вянчанні ўсё ж адбываліся. Жаданне браць шлюб менавіта ў святыні грамадзяне тлумачылі ўрачыстасцю і прыгажосцю абраду, у супрацьвагу будзённаму роспісу ў органах ЗАГС. Каб прымірыць маладых з грамадзянскаю працэдурай, спрабавалі прыдумаць свой, новы рытуал – чырвонае вяселле, дзе зачытваўся дагавор аб шлюбе перад працоўнымі калектывамі. На жаль, у нашай калекцыі няма здымкаў, які захавалі такую цырымонію. Але, трэба прызнаць, што і шырокага распаўсюду яна не атрымала.
Шлюб у раннесавецкі час не проста змяніў форму: выказваліся меркаванні, што яго можна наогул адмяніць. Савецкая дзяржава ўраўнавала жанчын і мужчын у правах, не проста дазволіла, а практычна абавязала жанчын працаваць, падарваўшы эканамічную аснову традыцыйнага шлюбу. Яшчэ адною заканадаўчаю навіной сталіся аліменты, якія выплачваліся на ўтрыманне дзіцяці незалежна ад таго, ці браліся ягоныя бацькі шлюбам. А паводле Кодэксу законаў аб шлюбе, сямʼі і апецы 1926 года, афіцыйны шлюб прыраўнялі да шлюбнага сумеснага жыцця, прыкметамі якога былі супольная гаспадарка і выяўленне шлюбных стасункаў паміж асобамі. Юрыдычныя наступствы такога сужыцця супадалі з наступствамі шлюбу.
Савецкі Саюз быў першаю краінай у свеце, дзе быў дазволены аборт. Некаторы час ён нават быў бясплатным. Ранняе савецкае заканадаўства ды ідэалогія істотна пашырылі сексуальную і рэпрадуктыўную свабоду грамадзян, але пры гэтым менавіта дзяржава ды ідэалогія імкнуліся кантраляваць і ўладкоўваць сексуальныя дачыненні. Напрыклад, у 1926 годзе выйшла брашура доктара Арона Залкінда «12 палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту», дзе ёсць, сярод іншых, такая догма: «Клас у інтарэсах рэвалюцыйнай мэтазгоднасці мае права ўмяшацца ў палавое жыццё сваіх сучленаў. Палавое павінна ўва ўсім падпарадкоўвацца класаваму, нічым апошняму не замінаючы, ува ўсім яго абслугоўваючы». Дарэвалюцыйны сялянскі свет аказваецца канчаткова разбураны падчас «вялікага пералому» – гвалтоўнай калектывізацыі ды індустрыялізацыі краіны ў першую пяцігодку(1928–1932 гады). Тысячы сялян, абвешчаныя кулакамі, былі забітыя, сотні тысяч семʼяў дэпартаваныя з родных месцаў у аддаленыя, малапрыдатныя для жыцця краі. Прыватнае жыццё грамадзян і надалей застаецца дзяржаўнаю справай, але поле грамадскіх дыскусій ды эксперыментаў паступова сціскаецца.
Новая сямʼя, якую актыўна спрабуе стварыць і прапагандуе дзяржава, – гэта нуклеарная адзінка (муж, жонка і дзеці), якой не дапамагае вялікая сямʼя (бацькі сужэнства і шматлікія сваякі), а якую падтрымлівае ды абараняе непасрэдна дзяржава. Яна ж патрабуе павелічэння нараджальнасці (таму ў сярэдзіне 1930-х ускладненыя, а потым і зусім забароненыя аборты), але не мае дастаткова рэсурсаў, каб падтрымліваць дзяцей, таму ўзмацняецца барацьба з нявыплатай аліментаў, а развод становіцца дарагім, з абавязковаю вочнай яўкаю мужа ды жонкі ў орган ЗАГС і адзнакай у пашпарце.
Часткова адмаўляючыся ад гендарнага раўнапраўя, абвешчанага ў 1920-я, дзяржаўны дыскурс апявае жанчыну як маці, захавальніцу агмяню. Пры гэтым жанчына застаецца работніцай або сялянкаю, што азначае падвойны ці патройны цяжар на жыхарак краіны. Мужчыну ж прапаганда малюе ўдарнікам і ваяром, аднак прыкметна, што выканаць абавязкі ў дачыненні сямʼі яго часта даводзіцца прымушаць рэпрэсіўнымі метадамі.
Хваля тэрору ў 1937–38 гадах наўпрост уплывала на семʼі. Заканадаўства ў некаторых выпадках прадугледжвала пакаранне для сямейнікаў грамадзян, асуджаных паводле асобных артыкулаў (напрыклад, за контррэвалюцыйную дзейнасць або антысавецкую агітацыю). Адначасова, паводле сведчанняў сучаснікаў, сямʼя часта была адзінаю дапамогай і надзеяй людзей у зняволенні: сужэнцы адпраўлялі ратавальныя пасылкі з харчамі і цёплымі рэчамі, хадайнічалі пра змякчэнне прысуду, падтрымлівалі лістамі. Спадзяюся, героям нашых фатаграфій гэтай доліўдалося пазбегнуць.
1929 г., г. Чавусы, Магілёўская вобл. Пётр Уласавіч Карпачоў і Агаф'я Філіпаўна Вараб'ёва. Прадаставіла Вікторыя Цімафеева.
1939—1953
1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня савецкія танкі ўвайшлі ў Польшчу. Заходнюю Беларусь захапілі і далучылі да БССР. Гэта зрабілася велізарным ударам для мясцовага насельніцтва, а ўжо праз два гады вайна стала рэальнасцю для ўсіх жыхароў СССР. Вайна і Галакост назаўжды змянілі склад насельніцтва Беларусі: былі забітыя дзве траціны беларускіх габрэяў, рэзка скарацілася мужчынская частка насельніцтва, загінула так шмат людзей, што дасюль мы назіраем дэмаграфічную яму кожныя 30 гадоў – след тады ненароджаных дзяцей.
Здавалася б, на гэтым фоне казаць пра вяселлі дзіўна. Аднак жыццё не спынялася і ў ваенны час. На акупаваных тэрыторыях запрацавалі цэрквы і касцёлы, закрытыя савецкай уладай. Зноў можна было вянчацца. Хадзілі чуткі, што жанатых і замужніх не вязуць на прымусовую працу ў Нямеччыну. Мая бабуля Раіса паспяшалася выйсці замуж за кавалера ў акупаванай Вялікай Бераставіцы. На памяць пра гэтае вяселле захаваліся два фотаздымкі, яны ёсць у нашай калекцыі. Маладога мужа ўсё ж вывезлі на працу, дый шлюб па вайне распаўся.
Некаторыя былыя франтавічкі згадваюць, як недарэчна здавалася ім заводзіць раманы, калі ўсе высілкі павінны быць аддадзеныя перамозе, а хтосьці, наадварот, лавіў шанец жыць і любіць. «Каханне – адзіная асабістая падзея чалавека на вайне. Усё астатняе – агульнае, нават смерць», – кажа Святлана Алексіевіч ў кнізе «У вайны не жаночае аблічча». Ёсць там і гісторыі пра франтавыя вяселлі з белымі сукенкамі, пашытымі за ноч з бінтоў. А ёсць і пра стасункі, з якіх мужчыны без пакут сумлення вярталіся да законных жонак, а жанчыны неслі непаважлівае таўро ППЖ – паходна-палявая жонка. Парадаксальна, але ваенны час мог быць больш вольным, паваенны ж аказаўся стражэйшы. Франтавічкі распавядаюць, што пасля вайны стаўленне да іх было дрэннае. Ёсць у калекцыі фота вяселляў з жаніхамі-франтавікамі, але няма звестак пра ваенны досвед нявест. Афіцыйны наратыў, асабліва пасляваенны, адводзіў жанчынам пасіўную ролю: яна чакае каханага. Адзін з самых вядомых вершаў ваеннага часу «Чакай мяне» Канстанціна Сіманава ідэйна перакладае на жанчыну адказнасць за дабрабыт далёкага мужа-ваяра. Цяжкая праца, страшная штодзённасць, жахі жыцця ў акупацыі, якія вынеслі жанчыны, не так часта ўспамінаюцца пасля вайны як акопныя подзвігі. Жанчыны аказаліся не саўдзельніцамі ў ваеннай справе, а назіральніцамі, потым – узнагародаю пераможцу. Пазней на афіцыйным узроўні таксама будзе замоўчвацца і ўдзел жанчын у паваенным аднаўленні краіны. Затое ўвялі ганаровае званне «Маці-гераіня».
Афіцыйная таталітарная ідэалогія надавала велізарны значэнне вернасці, прычым звязвала разам вернасць сям’і, краіне, партыі. Сямейная здрада была ўсеагульнаю справай, яе разбіралі на сходах, пісалі пра яе ў насценгазетах. Развод быў даступны толькі праз два суды – народны і вышэйшы: трэба было даказаць, што далейшае супольнае жыццё немагчымае. Рашэнні часта адкладаліся, сужэнцам прапаноўвалі мірыцца, справа магла закончыцца адмоваю. Паведамленні пра развод друкаваліся ў гарадскіх газетах, даючы падставу для плётак і роспытаў. Паводле няпісанага правіла, сябры партыі ды прэтэндэнты на высокія пасады разжаняцца не маглі, бо ў выпадку разводу іхная карʼера тут жа блакавалася. Можна сказаць, што нарматыўнае патрабаванне захоўваць шлюб любым коштам вярнула сямейную палітыку да стану пачатку XX стагоддзя.
Працягваючы даваенныя тэндэнцыі адкату новаўвядзенняў 1920-х, улады ў 1944 годзе заканадаўча адмянілі фактычныя шлюбы – доўгае сужыццё, не зарэгістраванае афіцыйна (такая шлюбная форма магла быць ва Усходняй Беларусі), нягледзячы на тое, што ў такіх шлюбах маглі зʼяўляцца дзеці. Паводле некаторых сведчанняў, такі крок даваў магчымасць дзяржаве не плаціць фактычным жонкам пенсіі па страце кармільца – такая вось эканомія ў пасляваеннай краіне. Яшчэ адною цікаваю заканадаўчаю навацыяй стаў падатак на бяздзетнасць: мужчыны ад 20 да 50 гадоў і замужнія, але бяздзетныя жанчыны ад 20 да 45 гадоў абавязаныя былі аддаваць 6 % свайго заробку дзяржаве. Адкат адбыўся і ў адукацыі: з 1942 года школы былі зноў, як у дарэвалюцыйны час, падзеленыя на жаночыя і мужчынскія. Школа перастала быць прастораю, дзе юнакі і дзяўчаты вучыліся знаходзіць агульную мову, разам працаваць, стасавацца на роўных. Адносіны палоў наогул не абмяркоўваліся, эротыка і сексуальная асвета былі табуяваныя, кантрацэпцыя практычна не вядомая. Пры гэтым застаецца забароненым штучнае перапыненне цяжарнасці. З аднаго боку, гэта павялічвае нараджальнасць, а з другога – прыводзіць да надзвычай высокай мацярынскай смяротнасці праз нелегальныя аборты.
Цікава, што па вайне не сталі зноў зачыняць усіх цэркваў і касцёлаў: рэлігійнасць не ўхвалялася, але ранейшага ганення на праваслаўных ужо не было, а на каталікоў – зменшылася. Для вянчання трэба было паказаць даведку з органаў ЗАГС і схадзіць на споведзь. Мы можам выказаць здагадку, што многія на нашых фотаздымках вянчаліся, а некаторыя фота кажуць пра гэта адназначна: яны зробленыя на прыступках касцёла.
У паваенны час традыцыйны вясельны строй можна назіраць не толькі ў Заходняй Беларусі, якая не зазнала рэвалюцыйнай строгасці 1920-х, але і ва Усходняй. Варта памятаць, што беднасць была няўяўная, поўная галеча паводле сведчанняў. Часта вяселляў не гулялі зусім, бо не было грошай, а калі і склікалі гасцей, то пачастункам маглі служыць кавалкі мяса, што з’ядаліся з адной міскі. Згодна з іншымі ўспамінамі, пабраныя наважэнцы яшчэ некаторы час жылі кожны са сваімі бацькамі, бо зусім няма куды было пасяліцца маладой сямʼі. Відавочна, што вясельная фатаграфія, ды яшчэ ў строях і з гасцямі, – прыкмета адноснага дабрабыту. Большасць нявест на нашых фотаздымках знайшла магчымасць пашыць ці знайсці белую альбо светлую сукенку, зрабіць вянок, падараваць гасцям па кветцы (маленькія букецікі, якія мацуюцца з правага боку грудзей незамужнім і нежанатым гасцям вяселля, а з левага – тым, хто ў шлюбе). Іншая прыкмета, якую часта можна заўважыць на фота гэтага перыяду, – сумачка. Падобна, гэта быў статусны прадмет, які важна было паказаць нават на вясельных фота. Геаграфія здымкаў усё яшчэ незбалансаваная: значная частка нашых фатаграфій зробленая ў Заходняй Беларусі. Мяркую, тут па-ранейшаму была заўважна больш даступная тэхніка. Цікава, што на фота гэтага перыяду можна знайсці шмат шлюбных пярсцёнкаў. Для савецкіх людзей таго часу заручальныя пярсцёнкі – прыкмета адсталасці, часцей іх насілі людзі сталага веку. Аднак падобна, што беларускія жаніхі і нявесты лічылі іх важнымі атрыбутамі.
Некаторыя паваенныя вяселлі ў невялікіх гарадах і вёсках ладзіліся ў дакладнай адпаведнасці з самымі даўнімі традыцыямі. У адной з крыніц сустрэўся аповед жанчыны, якую выдалі замуж адразу пасля вайны па сватаўстве, яна не была знаёмая з мужам да гэтага. Ейнаю згодаю на шлюб служыла рытуальнае дзеянне: разрэзала і падала сватам хлеб, потым прыняла ад іх чарку гарэлкі. Дзяўчына проста рабіла і казала, што ёй загадалі старэйшыя сваякі, не разумеючы сэнсу таго, што адбываецца. А іншая гісторыя гэтага ж часу апавядае пра шлюб насуперак забароне родных: дзяўчына выйшла замуж за старавера, пры гэтым абедзве сямʼі былі супраць, але потым змірыліся. У паўсядзённым пасляваенным жыцці мы бачым традыцыйны і мадэрны ўклады, што па-ранейшаму суіснуюць побач. А вось у ідэалагічным полі падтрымліваюцца шмат якія рысы традыцыйнага ўкладу.
1947 г., а.г. Будслаў, Мядзельскі р-н, Мінская вобл. Ядвіга Антонаўна Норавіч і Яўгеній Вікенцьевіч Баркоўскі. Прадаставіла Леся Пчолка.
1953—1965
Смерць Сталіна 5 сакавіка 1953 года стала чарговым паваротным пунктам для краіны. Ягоная асабістая ўлада вызначала жыццё мільёнаў людзей, не давала выяўляцца тым тэндэнцыям, якія натуральным чынам зараджаліся ў грамадстве, практычна стрымлівала хаду часу. Са смерцю таталітарнага лідара неадкладна пачаліся велізарныя змены. Гэты перыяд называюць адлігаю: слова ўжыў расійскі пісьменнік Ілля Эрэнбург для назвы рамана (1954 год). Характэрна, што ў гэтым творы мноства ліній звязаныя з асабістымі адносінамі герояў, з каханнем і шлюбам. Тэма, якая зусім не абмяркоўвалася ў папярэднюю эпоху, стала адною з галоўных для адліжных літаратуры ды кіно. Іншая важная дата ў гэты перыяд – 1956 год, калі пераемнік Іосіфа Сталіна на пасадзе першага сакратара ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў на XX з’ездзе партыі асудзіў культ асобы Сталіна, раскрыўшы некаторыя злачынствы таталітарнага рэжыму. Нягледзячы на закрытасць дакладу, чуткі пра яго разышліся імгненна. Акрамя таго, яшчэ з 1953 года сталі вяртацца людзі, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў. Іхныя справы пераглядаліся, прысуды часам адмянялі, тым самым заяўлялася, што дзясяткі тысяч бязвінных беларусаў былі расстраляныя, а сотні тысяч чалавек правялі шмат гадоў у лагерах. Усяго ў Беларусі, пачынаючы з адлігі і да 1994 года, былі перагледжаныя справы ў дачыненні больш як 160 000 асоб. Гэтая праца дасюль не завершаная.
Беларусь акрыяла ад вайны. Пытанні выжывання адступілі, грамадства сфармавала вышэйшы запыт на камфортнае жыццё і большую ўвагу да эмацыйнай сферы. У адказ дзяржава ўпершыню заклапацілася паўсядзённымі патрэбамі грамадзян: калі ў таталітарны перыяд вытворчасць займалася ў асноўным цяжкаю прамысловасцю, то цяпер больш увагі надавалася лёгкай (хоць дэфіцыт ува ўсіх сферах захаваўся аж да падзення СССР). Гэта адлюстравана і ў фотаздымках нашай калекцыі: відаць, што людзі апранаюцца ўсё лепш, да сярэдзіны 1960-х самаробнае адзенне выцясняецца прамысловым, бачым маладзёнаў у кашулях-каўбойках, а дзяўчаты могуць падабраць стылёвыя туфлі пад сукенку. Вельмі цікава разглядаць шлюбныя сукенкі ў гэты перыяд. Заўважна, што нявесты часта носяць састарэлыя фасоны. На нашых нявестах – сукенкі з абʼёмнымі плячыма, вялікімі рукавамі а-ля біскуп, злёгку сабранай і даволі доўгаю спадніцаю. Гэты фасон стаў модны ў канцы 1930-х, і на нашых здымках з Заходняй Беларусі мы можам яго знайсці ў гэты час. З канца 1940-х сусветная мода прыняла прапанаваны Крыст’янам Д’ёрам new look – далікатныя плечы, асіны стан, шырачэзная спадніца. Савецкія грамадзяне даведаліся пра гэты фасон з сукенак гераіні Людмілы Гурчанкі ў фільме «Карнавальная ноч» (1956 год). Цяпер такая мода часта асацыюецца з субкультураю стыляг. Пры гэтым жаданне апрануцца як Гурчанка было складана ажыццявіць: бракавала выкраек. Таму такія сукенкі можна знайсці і на нашых фотаздымках, але толькі з 1960-х. Адзенне выдае і некаторыя рэгіянальныя адрозненні: нявесты Усходняй Беларусі сфатаграфаваныя з вэлюмам, абгорнутым вакол шыі як шалік, а ў Заходняй на жаніхах мільгаюць белыя мятлікі, якія захаваліся, верагодна, з даваеннага часу.
1950–60-я былі часам маладых. Падрасло шматлікае пакаленне 1930-х гадоў нараджэння, а больш старэйшае прыкметна скарацілася падчас вайны. Шлюб ужо не быў справаю сваякоў, маладзёны самі знаходзяць сабе пару, завязваюць адносіны, вырашаюць пажаніцца і ўжо тады ідуць знаёміцца з бацькамі. Таму тэма закаханасці, флірту, першых стасункаў, шлюбу ўвесь час абмяркоўваецца і дэманструецца. Кіно, вобласць цэнзураваная і кантраляваная, закранае складаныя сітуацыі ды пытанні. У папулярных фільмах, знятых «Масфільмам» і дэманстраваных па ўсім СССР, кажуць пра пазашлюбныя стасункі і складанасці ў шлюбе («9 дзён аднаго года», 1961 год), каханне падлеткаў у школе, дзе зноў разам вучацца дзяўчаты і хлопцы («А калі гэта каханне?», 1961 год), сексуальны гвалт («Ляцяць жураўлі», 1957 год). Вядома, шмат якія вострыя пытанні па-ранейшаму замоўчваліся. Практычна адсутнічае ў гэтых фільмах эротыка, сексуальнасць у кіно звычайна ёсць прыкметай адмоўных герояў і гераінь. Затое дзяржава змяняе погляды на планаванне сямʼі: аборты зноў дазволеныя ў 1955 годзе (мацярынская смяротнасць чакана зніжаецца), а галоўнае – яны перастаюць быць адзіным сродкам кантролю за нараджальнасцю, зʼяўляецца кантрацэпцыя. Ужо ў канцы 1950-х гінеколагі пачынаюць рэкамендаваць пацыенткам (пераважна замужнім)розныя сродкі кантрацэпцыі. Аднак планавая эканоміка і сістэма размеркавання робіць іх дасяжнымі ў асноўным у буйных гарадах.
Асобнаю праблемаю для савецкіх грамадзянаў, асабліва гараджанаў, заўсёды была жыллёвая плошча. З 1956 года масавае будаўніцтва разгарнулі па ўсёй рэспубліцы, але галоўным чынам у гарадах. Сталічны Мінск да 1965-га набраў ужо больш за 700 тысяч жыхароў. Стыль адлігі ў адзенні, мэблі, архітэктуры – простасць, лёгкасць, масавасць і адносная таннасць. Кеды замест чаравікаў, паліцы замест буфетаў і хрушчоўкі замест пампезных, разлічаных на эліту сталінскіх дамоў. Сціплыя пяціпавярхоўкі з малагабарытнымі кватэрамі дазваляюць велізарнай колькасці грамадзянаў пераехаць з інтэрнатаў, баракаў, камунальных кватэраў і нават зямлянак (а ў іх некаторыя мінчукі жылі яшчэ ў 1961 годзе, калі савецкі грамадзянін першым паляцеў у космас). Ці трэба казаць, як неабходнае сваё жытло маладой сямʼі? Даследнікі кажуць, што ў гэты час у савецкіх грамадзян упершыню пачынае фармавацца сфера інтымнага, асабістая прастора – у супрацьвагу калектыўнаму, грамадскаму. Акрамя дамоў, будуюцца тыповыя грамадскія будынкі. Актыўна адчыняліся кінатэатры, куды можна было схадзіць на спатканне: у Мінску – напрыклад, «Мір», «Ракета», «Авангард» (паказальна адліжныя назвы). Зʼяўляюцца адносна прыстойныя рэстараны і кавярні –напрыклад, новая «Журавінка» з велізарнымі шклянымі вокнамі на Свіслач(цяпер зруйнаваная). Упершыню на справе, а не на паперы,побач з новымі дамамі сталі масава будавацца дзіцячыя сады і яслі. Дэкрэтны адпачынак, які складаў з 1939 года 63 дні, павялічаны ў 1956-м да 122 (56 дзён да родаў і столькі ж пасля), патрэба ў дашкольных установах была велізарная. Не дзіўна, што 1950–60-я сталі часам бэбі-буму.
Адзначым новую дэталь на фотаздымках – алкаголь. Вядома, ён прысутнічаў на вяселлях амаль заўсёды. А савецкае чырвонае вяселле важным пунктам ставіла адсутнасць выпіўкі, тым самым супрацьпастаўляючы сабе традыцыйнаму. Аднак раней алкаголь не зʼяўляўся на фота. Цяпер жа на здымках бачым, як на фоне жаніха, нявесты і трыццаці гасцей адзін мужчына налівае другому ў гранёную шклянку.
Рэлігійную сферу на фоне агульнай лібералізацыі закранула сурʼёзнае ўзмацненне жорсткасці. У краіне было нямала вернікаў, але ўлада абвясціла іх адсталымі і пачала сурʼёзнае змаганне. У новую антырэлігійную кампанію зноў зачыняюцца цэрквы і касцёлы, негалосна былі забароненыя сакраманты, у тым ліку вянчанне. Вядомыя гісторыі, калі пасля вянчання людзей здымалі з прэстыжнай працы або выключалі з партыі (сяброўства ў Камуністычнай партыі было практычна абавязковай умоваю для добрай карʼеры). Цікавую дэталь згадвае жанчына, якая выходзіла замуж у гэты час: да тых, хто вянчаўся ў царкве, маглі прыйсці ў двор падчас вяселля, там, часцей за ўсё, знаходзілі самагон (гарэлка не заўсёды прадавалася і была дарагая, а гасцей на вяселле запрашалі багата). Тады гаспадароў каралі за самагонаварэнне. Так ішлі рука ў руку антырэлігійная ды антыалкагольная кампаніі.
Але ў цэлым адліга адчуваецца як час надзеі на лепшае. «Цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!»– аптымістычна заявіў Хрушчоў у 1961 годзе. Пабудаваць камунізм збіраліся да 1980-га.
1960 г., Жодзіна, Мінская вобл. Яніна Барысаўна Карповіч і Анатоль Паўлавіч Хоміч. Прадаставіла Ганна Хоміч.
1965—1985
Аптымізм савецкага лідара аказаўся не цалкам апраўданым. Наступны перыяд назвалі застоем. Гэты час спалучае дабрабыт і нудоту. Зададзены адлігай імпульс развіцця згасае. Нарастаюць праблемы ў эканоміцы ды сацыяльнай сферы, але цэнтральная ўлада – састарэлае Палітбюро ЦК КПСС – не наважваецца на рэформы. БССР у гэты перыяд узначальвае энергічны Пётр Машэраў, рэспубліка лічыцца адносна забяспечанаю.
БССР становіцца высокаўрбанізаванаю. Да сярэдзіны 1970-х у гарады пераехала больш за палову насельніцтва. Некаторыя з гэтых гарадоў новапабудаваныя, як Салігорск, Наваполацк, Светлагорск. Да 1980 года ў Мінску жылі ўжо 1,3 мільёна чалавек. Гэты працэс у цэлым адпавядае сусветным трэндам. Аднак у нас ён праходзіў незвычайна хутка і даволі балюча. Нямецкі даследнік Томас Бон нават прысвяціў яго вывучэнню кнігу «Мінскі феномен». Стары, звыклы свет вёсак і мястэчак разбураўся, парушалася пераемнасць. Гэты матыў добра заўважны ў тагачаснай літаратуры («Сена на асфальце» Міхася Стральцова, 1966 год) і ў кіно («Белыя росы», 1983 год). Новыя гараджане, не зусім арганічна адчуваючы сябе ў гарадскім асяроддзі, спяшаліся адхрысціцца ад каранёў. Сельскія жыхары атрымалі статус адсталых, словы «калгасны» і «вясковы» сталі ўжывацца як прыніжальныя для апісання чагосьці нямоднага. Арыгінальная культура беларускай вёскі забывалася, выраджалася ў псеўданародныя ансамблі, замарожвалася ў вырабах для турыстаў. Імкліва выходзіла з ужытку і беларуская мова.
Працягваецца пэўная гуманізацыя савецкай штодзённасці. Напрыклад, расце колькасць выходных. З 1967 года на змену шасцідзённаму працоўнаму тыдню прыходзіць звыклы нам пяцідзённы. У людзей зʼяўляецца вольны час. Нават час працы грамадзяне калі-нікалі марнуюць на свае ўласныя справы. Вонкава згуртаванае калектывісцкае грамадства распадаецца на асобных індывідаў або невялікія супольнасці сваіх. Грамадзяне ўсведамляюць, што гэтыя супольнасці або прыватнае жыццё нашмат важнейшыя для іх за жыццё дзяржаўнае – пабудова камунізму, выкананне пяцігадовага плану. Хтосьці ходзіць са сваімі ў паходы, хтосьці слухае аўтарскую песню, распавядае анекдоты і чытае нелегальную літаратуру, хтосьці проста пʼе, а ўвесь астатні вольны час бавіць на лецішчы. Амерыканскі даследнік расійскага паходжання Аляксей Юрчак, аўтар кнігі «Гэта было назаўжды, пакуль не скончылася. Апошняе савецкае пакаленне», адзначае: савецкія грамадзяне ўсё больш сыходзяць з-пад ідэалагічнага кантролю ў прыватнае жыццё або нейтральныя галіны, выкарыстоўваючы такія вось стратэгіі «пазазнаходжання» («вненаходимости»).
І ўсё ж ціск ідэалогіі ды ўладных інстытутаў на савецкіх грамадзян застаецца вялікі. У гэты перыяд пад іх уплывам значна змяняецца форма вяселля. У працяг антырэлігійнай кампаніі ўлады краіны ініцыявалі стварэнне новых, савецкіх абрадаў. Калі раней органы ЗАГС часта размяшчаліся ў мясцовых аддзяленнях міліцыі, што не дадавала святочнага настрою і магло падштурхоўваць да царкоўнага вянчання, то цяпер для грамадзянскага абраду сталі зʼяўляцца палацы або дамы шлюбаў. Першую падобную ўстанову ў СССР стварылі ў Ленінградзе ў 1959 годзе, у палацы на раскошнай Англійскай набярэжнай. У Мінску першы дом шлюбаў зʼявіўся 22 снежня 1965-га на Камуністычнай 8. Палацавасць прадугледжвала багата аздоблены інтэрʼер: цяжкія парцьеры, люстэркі і дывановую дарожку (заўважым, як адрозніваецца гэта ад лёгкага ды практычнага стылю адлігі).
Рытуалы для шлюбнай цырымоніі часам распрацоўваў камсамол (выпускалі спецыяльную рэпертуарную літаратуру), а часам прыдумляліся работнікамі органаў ЗАГС. Прыкметна, што гэтыя рытуалы паўтаралі царкоўныя, але без рэлігійнага складніка. Звычайна наважэнцы падыходзілі да стала (умоўны алтар), над якім вісеў герб краіны(замест крыжа ці іконы). Тут прадстаўніцы органаў ЗАГС ці мясцовыя дэпутаты казалі невялікую віншавальную прамову, пералічвалі шлюбныя абавязкі, пыталі згоды наважэнцаў. Пасля адпаведных “так” і “згодны” або “згодная” жаніх і нявеста абменьваліся заручальнымі пярсцёнкамі (часткова забароненымі ўсю папярэднюю савецкую гісторыю, але амаль абавязковымі цяпер), ставілі подпіс у пасведчанні аб шлюбе, цалаваліся напаказ. Тут жа распісваліся сведкі. Царкоўныя матывы замешваюцца з народнымі. Сваты зноў адзначаныя ручніком або спецыяльнаю стужкаю, мог зʼявіцца каравай. Такія вяселлі, якія складаюцца з сумесі бюракратычнага запісу, царкоўнага рытуалу ды народных элементаў, застаюцца з намі і цяпер.
Прагартаўшы калекцыю, мы знойдзем ключавыя моманты такога вяселля: вось абмен пярсцёнкамі, вось подпіс у дакуменце. Гэтыя здымкі зробленыя фатографамі з дамоў шлюбу, іхныя паслугі можна было замовіць для цырымоніі. Яшчэ адзін рытуал, які трапляе на фатаграфіі, – ускладанне кветак да важнай гарадской славутасці. Часта гэта быў помнік Леніну, ваенны помнік ці Вечны агонь. Гэты звычай зусім новы і выкліканы, магчыма, жаданнем сфатаграфавацца дзесьці акрамя дома шлюбаў.
Важная частка жыцця савецкага чалавека застойнага часу – новыя спажывецкія практыкі. Мэблю, адзенне, тэхніку «як у людзей» здабывалі праз знаёмых работнікаў крам і складоў, а асобныя шчасліўчыкі прывозілі ўсё гэта з замежных паездак (звычайна ў краіны так званага сацыялістычнага блока – Польшчу, Чэхаславаччыну, Балгарыю, ГДР і г. д.). У гараджан папулярныя былі югаслаўскі абутак і нямецкая мэбля, кружэлкі амерыканскіх рок-гуртоў і японская тэхніка, а крыніцаю натхнення служылі карцінкі з цяжка здабытых замежных часопісаў. Той жа Юрчак называе гэтае старанна ўладкаванае на замежны лад жыццё «ўяўным Захадам».
Паспяховае вяселле таксама шмат у чым залежала ад таго, што ўдалося здабыць. Сукенка нявесты, туфлі жаніха, вэлюм і пярсцёнкі, а далей канапа, дыван, пыласос, сервіз «Мадонна». У 1979 годзе праблема, дзе гэта ўсё ўзяць, развязалася для мінчукоў: адкрылася салон-крама «Шчасце». Трапіць сюды можна было толькі паводле спецыяльнага запрашэння, выдаванага пасля падачы заявы на ўступленне ў шлюб. Некаторыя хітрылі і падавалі такія заявы 2-3 разы менавіта з мэтаю трапіць у цудоўны салон. Тут можна было набыць хоць нешта з дэфіцытных, але гэтак неабходных савецкаму чалавеку рэчаў. Менавіта паходам у гэты салон тлумачыцца пэўная аднастайнасць сукенак і галаўных убораў гарадскіх нявест: фасонаў было няшмат. Відавочна, такія вяселлі патрабавалі значных сродкаў. Савецкая страхавая сістэма прапаноўвала адмысловыя шлюбныя полісы. На іх можна было адкладаць да 25 гадоў і здымаць грошы ў выпадку вяселля. Цікава, што менавіта такім падаецца дзяржаўнаму страхаванню парог шлюбнага ўзросту.
Адзначаюць гарадскія вяселлі дома ўсё радзей, бо ў кватэры не паставіць сталоў для шматлікіх гасцей, як на вясковым двары. Модным робіцца ладзіць банкет у рэстаране або хаця б у сталоўцы. Здымкі гэтых урачыстасцяў таксама ёсць у нашай калекцыі: вось жаніх і нявеста цалуюцца пад абʼяваю пра стол замоваў і рыбны дзень (рыбным у сталоўках позняга СССР быў чацвер).
Наш фотазбор паказвае, што і вясковае традыцыйнае вяселле пакуль не знікла. Менавіта на здымках гэтага перыяду можна разгледзець за нявестаю традыцыйную браму – звязаныя над уваходам у двор галінкі, за праход пад якімі
наважэнцы плацілі пачастункам. Госця на такім вяселлі апавядала, што спачатку ўрачыстая цырымонія адбывалася ў мінскім Доме шлюбаў, затым усе грузіліся ва ўзяты напракат аўтобус і адбывалі на радзіму – у Гродзенскую вобласць, дзе ўжо гулялі традыцыйнае вясковае вяселле. Можна сказаць, што прапанаваныя ўладаю рытуалы былі прынятыя, адаптаваныя і прыўлашчаныя грамадзянамі.
1960-1980 гг., г. Дзяржынск, Мінская вобл. Фатограф Іван Шабалінскі. Прадаставіў Генадзь Дубатоўка.